Народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў
Васіль Уладзіміравіч Быкаў, беларускі празаік, драматург, публіцыст. Нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Бычкі Віцебскай вобласці.
У аснове творчай манеры Быкава – суровая праўда ў адлюстраванні вайны, яе драматычных і трагічных сітуацый, пільная ўвага да думак і пачуццяў чалавека, дэмакратызм і абвостраная чалавечнасць, філасофская насычанасць і выразнасць апавядальнай манеры.
Вядомасць Васілю Быкаву прынесла аповесць «Трэцяя ракета», напісаная ў 1962 годзе. У 1960-я публікуе аповесці «Альпійская балада», «Мёртвым не баліць», у 1970-я – «Сотнікаў», «Абеліск», «Дажыць да світання», «Пайсці і не вярнуцца».
Гэтыя творы паставілі Васіля Быкава ў адзін рад з выдатнымі майстрамі ваеннай прозы ХХ стагоддзя.
У 1974 годзе Васіль Быкаў быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР (за аповесць «Дажыць да світання», 1973), у 1980 годзе атрымаў званне Народнага пісьменніка Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы (1984), у 1986 годзе – быў узнагароджаны Ленінскай прэміяй за аповесць «Знак бяды».
Народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў памёр 22 чэрвеня 2003 года.